Рэгістрацыя на вандроўку "Дарагая матуля зямля" да Ларысы Геніюш  08.08.2021 з Паўлам Каралёвым
Сябры, у нядзелю 8 жніўня Арт Вандроўня cупольна з Фондам Еўфрасінні Полацкай прапануе вам далучыцца да традыцыйнай вандроўкі на Зэльвеншчыну "Дарагая матуля зямля", на зямлю Ларысы Геніюш, легендарнай беларускай паэткі і нязломнай патрыёткі, ахвярнай хрысціянкі і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу, беларускай дысідэнткі, якая для шмат каго са свядомых беларусаў была і ёсць сумленнем нацыі!  Вядоўца вандроўкі - цудоўны гісторык, музейшчык ды экскурсавод Павал Каралёў.

Маршрут вандроўкі: Менск - Зэльва - Ваўкавыск - Жлобаўцы (Длугапаль) - Рэпля - Гудзевічы (музей) - Воўпа - краснасельскі кар'ер і неалітычныя крамянёвыя шахты - Менск

Падчас вандроўкі мы патрапім на месца, на якім стаяў "благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы". Дарэчы, родны дом Ларысы Геніюш, перавезены зараз у Ваўкавыск, і мы паглядзім яго таксама.

Галоўным пунктам нашай вандроўкі стане мястэчка Зэльва, дзе мы наведаем Святатроіцкую царкву (1851 г.), якой у свой час апекавалася паэтка, дзе на падворку стаіць яе помнічак, а ў самой царкве акрамя памятнай шыльды створаны маленькі музейчык, прысвечаны Ларысе Геніюш.

Акрамя гэтага ў Зэльве мы адведаем рамантычны неагатычны касцёл Св.Троіцы (1913), даведаемся пра Ганенскі кірмаш ды ўзнімемся на могілкавую гару да маляўнічых руінаў ранейшай царквы, дзе ў 1968 годзе былі ў зробленыя эпічныя здымкі пані Ларысы, дарэчы, зможам, пры жаданні, паўтарыць іх. Там жа таксама ёсць некалькі помнікаў, звязаных з трагічнымі падзеямі 20 стагоддзя.

І вядома ж, у Зэльве мы пабачым дом, дзе свае правяла апошнія гады пасля вызвалення з лагероў правяла Ларыса Антонаўна, куды да яе прыязжалі шматлікія нашыя вядомыя пісьменнікі, мастакі, археолагі, студэнты ды іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, адкуль ішла перапіска з усім светам, дзеля якой на пошце працаваў цэлы штат супраоўнікаў КДБ. Не прамінем мы наведаць і магілу Геніюшаў на мясцовых могілках, якія маляўніча ўзвышаюцца над зэльвенскім вадасховішчам.

У Ваўкавыску мы агледзем старую забудову канца 19 - пачатку 20 стагоддзя, падыйдзем да касцёла Святога Вацлава (1848), пабачым розныя цікавыя помнікі, у тым ліку помнікі ваўку, ваўкавыскай Грундвальдскай харугве ды паўстанцам 1863 года, а таксама ўзьнімемся на гарадзішча "Шведская гара".

У Рэплі мы пабачым цудоўны неагатычны касцёл Найсвяцейшай панны Марыі (1900), а таксама вельмі незвычайную могілкавую капліцу-пахавальню таго ж часу.

У Гудзевічах мы наведаем вядомы літаратурна-этнаграфічна-краязнаўчы музей, заснаваны вядомым краязнаўцам, мясцовым настаўнікам Алесем Белакозам, а таксама магілу дзеда Ларысы Геніюш Паўла Францавіча Міклашэвіча, пана Міклаша, які ў пазамінулым стагоддзі валодаў Гудзевічамі.

У Воўпе у мы пабачым незвычайны драўляны касцёл Яна Хрысціцеля (1773), пабудаваны яшчэ ў 18 стагоддзі. Ларыса Геніюш часта згадвае гэтае мястэчка ў сваіх успамінах.

А напрыканцы вандроўкі паспрабуем вас здзівіць - паказаць адзін з краснасельскіх кар'ераў, якія яшчэ называюць беларускімі Мальдзівамі, ён ня самы ўразьлівы, затое на ягоным беразе знаходзіцца помнік каменнага веку - неалітычныя крэмніевыя шахты (другая палова 3-га - пачатак 2-га тысячагоддзя да нашай эры) - адзіныя ва Ўсходняй Еўропе, якія дайшлі да нашых дзён амаль у ідэальным стане (зараз яны закансерваваныя).

І вядома, па дарозе мы будзем згадваць вершы Ларысы Геніюш.

Дарагая матуля зямля,
Бог па тое мне даў дзьве далоні,
каб я гладзіць ласкава магла
Твой дыван машастова зялёны.
 
Знай, згараная скіба мая,
ціхім шчасьцем пранятая маці
можа, гэдак аддана як я,
гладзіць толькі галоўку дзіцяці.
 
Мне жыцьця для Цябе не шкада,
паэтыцкім мы зроднены духам,
Бог і сьлёзы на тое мне даў,
каб цябе заліваць у час засухі.
 
I на тое мо’ сэрца ў грудзёх,
каб сагрэць цябе словам і чынам,
і на тое натхненьне даў Бог,
каб Цябе апяваць безупынна.

Спадзяемся, што вандроўка адбудзецца на вялікім аўтобусе з антыкавіднай рассадкай, але калі не набярэцца вялікі, можам паехаць і ўтульным мікрыкам.  Выезд а 7-й, вяртанне прыкладна вельмі позна, пасля 23-й, але спадзяемся, да поўначы.

Унёскі для на вандроўку з уваходнымі квікамі ў Гудзевіцкі музей - 60 бел. руб. - наяўнымі ў аўтобусе. Асобна па жаданні аполчваецца абед.

Запіс праз гэтую гугл-форму! Перад вандроўкай будзе паведамленая больш падрабязная інфармацыя. Калі ласка, калі пакідаеце е-мэйл, правярайце тэчку спам, лепш пакідаць 2 кантакты. За дзень да вандроўкі абавязкова пацвердзіць свой удзел!

Аўтобус апрацоўваецца адмысловым антысептычным сродкам, абавязкова апранаць маскі.

Уся дадатковая інфармацыя: 8-025-5458430 (viber),  8-044-5386283 (Валерыя), а таксама праз е-mail: bielkultura@gmail.com
Sign in to Google to save your progress. Learn more
Імя, прозвішча ці нікнэйм *
Кантактны тэлефон *
Viber (калі не супадае з тэлефонам)
Telegram (@... ці спасылка)
Колькасць вандроўнікаў (лічбай) *
Адрас электроннай пошты *
Адкуль даведаліся
Clear selection
Ці жадаеце атрымліваць інфармацыю пра вандроўкі, лекцыі ды іншыя мерапрымествы?
Clear selection
Submit
Clear form
Never submit passwords through Google Forms.
This content is neither created nor endorsed by Google. Report Abuse - Terms of Service - Privacy Policy