Рэгістрацыя на куратарскую экскурсію па выставе у мастацкім музеі  "Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе" 18.07.2022 17:30
Сябры, у панядзелак 18 ліпеня прапануем вам разам схадзіць у Нацыянальны мастацкі музей на  куратарскую экскурсію  "Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе", якая сканчаецца напрыканцы наступнага тыдня. На жаль, абедзьве куратаркі могуць правесці экскурсію толькі па-руску.

Пачатак экскурсіі ў 17-30. Рэгістрацыя на экскурсію па выставе - праз гэтую гугл-форму.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Леніна, 20

Уваходны квіток на выставу — 8 руб. + экскурсія — 3 руб.

Колькасць наведнікаў абмежаваная!

Беларускія абразы, сакральная мастацкая спадчына XVII стагоддзя – важнага стагоддзя ў гісторыі беларускай  царквы – упершыню прадстаўлены ў такім маштабным выставачным праекце.

Больш за 120 абразоў, створаных у другой палове XVI, на працягу ўсяго XVII і на мяжы XVII–XVIIІ стст., прадаставілі на выставу чатыры беларускія музеі: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава. Сярод гэтых твораў ёсць як вядомыя шэдэўры – гонар музейных збораў старажытнабеларускага мастацтва, так і значная колькасць абразоў, якія раней не былі вядомыя шырокаму колу гледачоў.

Гэта абразы, што былі раскрытыя беларускімі рэстаўратарамі на працягу апошніх гадоў, пазбаўленыя шматслойных роспісаў і прадстаўленыя гледачам у сваім сапраўдным абліччы, а таксама абразы, рэстаўрацыя якіх яшчэ не завершаная, і абразы, ад якіх захаваліся толькі рэшткі, асобныя фрагменты жывапісу, але прысутнасць іх у экспазіцыі вельмі важная для раскрыцця галоўнай канцэпцыі гэтага выставачнага праекта, а менавіта – паказу таго, як фармаваўся і развіваўся на працягу XVII ст. новы, самабытны стыль беларускага іканапісу.

Новая мастацкая стылістыка з’явілася ў выніку пераўтварэння поствізантыйскай мастацкай традыцыі, уласцівай творам беларускага і ўкраінскага іканапісу папярэдніх стагоддзяў. Новае - рэнесанавае - пераасэнсаванне іканапіснага канона ўзнікла ў выніку спалучэння мясцовай іканапіснай традыцыі з фармальнымі запазычваннямі (разьбяныя фоны, накладныя дэкаратыўныя рамы, светлаценявая мадэліроўка твараў) з еўрапейскага, найперш нямецкага (гданьскага і сілезскага) алтарнага жывапісу XVII ст.

У XVII ст. беларускія майстры-іканапісцы былі звязаны з абодвума адгалінаваннямі царквы ўсходняга абраду – праваслаўным і ўніяцкім. Як выразна паказваюць творы выставы, стылявыя адрозненні паміж праваслаўным і ўніяцкім іканапісам у Беларусі ў XVII ст. не былі істотнымі. Намаганнямі ўсіх беларускіх мастацкіх цэнтраў – гарадоў і мястэчак, манастырскіх асяродкаў і царкоўных брацтваў Брэста, Пінска, Дзісны, Друі, праваслаўных Магілёва, Слуцка і Давыд-Гарадка, а таксама беларускіх пісьменнікаў-тэолагаў і таленавітых іканапісцаў, вядомых і невядомых па імёнах, ананімных майстроў былі сфарміраваны глыбокая духоўная насычанасць і мастацкая дасканаласць беларускага абраза XVII ст. Усё гэта дае падставу ўспрымаць беларускія абразы як адно з найвялікшых дасягненняў беларускай мастацкай спадчыны, самабытны і велічны ўнёсак беларусаў у скарбонку сусветнай мастацкай культуры. XVII стагоддзе сапраўды стала “залатым векам” беларускага духоўнага ўздыму – пісьменства, друкарства, усіх відаў мастацтва і, безумоўна, іканапісу.

Стваральнікі выставы імкнуліся паказаць на ёй як мага больш шырока і паслядоўна разнастайнасць, мастацкую і вобразную дасканаласць беларускага іканапісу, максімальна наблізіць экспазіцыю да той структуры, у якой знаходзіліся вялікія храмавыя абразы ў сваёй першаснай мастацка-духоўнай, сакральнай прасторы цэркваў.

Кананічная структура размяшчэння абразоў у храме, сфармаваная ўсходнехрысціянскай царквой на працягу стагоддзяў, дасягнула ў XVII ст. свайго найвышэйшага росквіту ў структуры шмат’яруснага іканастаса, раўназначна важнага як для храмаў, што будаваліся праваслаўнымі, так і для тых цэркваў, якія прынялі ўнію. Таму на выставе шырока прадстаўленыя комплексы твораў, складзеныя з паклонных і храмавых абразоў мясцовых ярусаў страчаных іканастасаў.

Галоўныя з гэтых ікон мясцовага чына іканастаса – абраз Хрыста, міласэрнага Настаўніка і Збавіцеля, і абраз Маці Божай з Дзіцем. Паміж гэтымі абразамі знаходзіліся галоўныя іканастасныя дзверы – “царская брама”, што ў розных лакальных варыянтах было адлюстравана ў фармаванні экспазіцыі.

Адметнасці дэісусных (апостальскіх) ярусаў іканастасаў беларускіх цэркваў XVII ст. прадстаўленыя на выставе шэрагам захаваных фрагментаў гэтых чынаў – выявамі басаногіх апосталаў, вучняў Хрыста, і настаўнікаў верных.

Абразы святочнага яруса, які найчасцей размяшчаўся ў беларускіх цэрквах у XVII ст. паміж намесным і апостальскім чынамі іканастаса, дэманструюць рэдкія захаваныя невялікія святочныя абразы з цэркваў Берасця, Слуцка і Магілёва.

Унікальным прыкладам захаванага святочнага яруса беларускага іканастаса з’яўляецца комплекс, складзены з 24 абразоў з царквы Нараджэння Маці Божай мястэчка Шарашова, што паміж Ружанамі і Пружанамі. На выставе гэты ансамбль дэманструецца ў той паслядоўнасці размяшчэння абразоў, якая, верагодна, была ў першапачатковай структуры шарашоўскага іканастаса, да яго пераробак у XVIIІ і ХІХ стст.

Вывучэнне архіўных матэрыялаў і стылістычны аналіз помнікаў дазволіў стваральнікам выставы прапанаваць новае датаванне комплексу абразоў шарашоўскага іканастаса апошняй чвэрцю XVII – першай чвэрцю XVIIІ ст. Дзякуючы праведзеным рэстаўрацыйным работам і мастацвазнаўчым даследаванням было зменена і раней прынятае датаванне шэрага іншых твораў выставы.

Плённае супрацоўніцтва чатырох беларускіх музеяў у стварэнні гэтай экспазіцыі дало магчымасць сабраць і прадэманстраваць разам творы, якія першапачаткова знаходзіліся ў адным ансамблі, адной царкве, былі выкананы адным і тым жа майстрам, але ў наступныя стагоддзі былі раскіданы па іншых месцах.

Экспазіцыя выставы складаецца з чатырох раздзелаў. Першы, уводны, раздзел знаёміць з генезісам і эвалюцыяй стылю беларускага іканапісу XVII ст., тыпалагічнай разнастайнасцю беларускіх абразоў: мясцовыя абразы (паклонныя і храмавыя абразы святых і святаў), кананічныя іканапісныя выявы на царскіх брамах, іконы са святочнага яруса іканастаса, іконы цокальнага яруса іканастаса – рэдкі сюжэт “Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля”. Каб вызначыць тыя стылявыя змены, якія адбыліся ў беларускім іканапісе ў XVII ст., у пачатку экспазіцыі змешчаны шэраг абразоў ранейшага, XVI ст., што паходзяць з берасцейскага Палесся і Галіцыі.

Унікальныя прыклады незахаванай іканапіснай спадчыны XVII ст. Паўночна-заходняй, Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі прадстаўленыя абразамі, якія паступілі ў музейныя зборы з Мастоўскага раёна Гродзеншчыны, Дзісны, і Вілейшчыны. У параўнанні з размешчанымі побач з імі абразамі з Усходняга і Заходняга Палесся, з Пінска, Слуцка і Баркалабаўскага праваслаўнага манастыра на Магілёўшчыне (абраз “Нараджэнне Хрыстова”) гэтыя ўнікальныя абразы сведчаць пра шырокую рэгіянальную разнастайнасць беларускага іканапісу XVII ст., наяўнасць сярод яго помнікаў як твораў вельмі высокага мастацкага ўзроўню – абраз вялікапакутніцы Параскевы з жыційнымі клеймамі, датаваны 1642 годам, так і твораў, моцна звязаных з традыцыямі папярэдняй эпохі, – абразы Збаўцы (Спаса) і Маці Божай Адзігітрыі з Жыткавічаў (1640).

Наступны раздзел выставы (другая зала) знаёміць з найбольш значнымі і буйнымі на Беларусі цэнтрамі іканапісання – Магілёвам і Слуцкам, з помнікамі, якія паходзяць з праваслаўных цэркваў Слуцкага княства і суседніх, звязаных са Слуцкам тэрыторыяў, з праваслаўных палескіх храмаў.

Мастацкая спадчына Слуцка вызначаецца адметнасцю іканапіснага тыпажу, дасканаласцю выканання. Самыя раннія беларускія абразы (пачатак – першая траціна XVII ст.), якія ўжо ў поўнай меры дэманструюць рысы новага рэнесанснага стылю беларускага іканапісу, былі створаны менавіта ў Слуцку: абраз “Узнясенне Гасподне” пачатку XVII стагоддзя, іконы Збаўцы (Спаса) і Маці Божай Адзігітрыі (першапачаткова знаходзіліся ў адным са слуцкіх праваслаўных храмаў), ікона вялікапакутніцы Параскевы (у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Раннія творы іканапісу Магілёва не захаваліся. Магілёўскія абразы сярэдзіны – канца XVII ст. выразна дэманструюць адметны стыль магілёўскіх майстроў-іканапісцаў, іх высокае жывапіснае майстэрства. Блізкія да магілёўскага іканапісу па стылістыцы змешчаны ў гэтай жа зале абразы мсціслаўска-крычаўскага рэгіёна – самай усходняй часткі Беларусі.

У трэцяй залі паказаныя абразы Берасця і суседняй з берасцейскім рэгіёнам Століншчыны – Пагарыння і Давыд-Гарадка. Тут шырока прадстаўленыя творы так званага “маларыцкага майстра”. Насамрэч яго трэба называць “берасейсцкім майстрам”, адным з вядучых, найбольш таленавітых і прадуктыўных мастакоў-іканапісцаў Берасця сярэдзіны XVII стагоддзя. Ён стварыў вялікую колькасць абразоў для цэркваў Берасця, для праваслаўных берасцейскіх манастыроў Нараджэння Маці Божай і Сімяона Стоўпніка, для многіх цэркваў берасцейскага Палесся і Валыні. На выставе творы гэтага майстра і блізкіх да яго мастакоў утвараюць цэласную стылёвую групу з адметнай манерай жывапісу, малюнкаў разьбяных фонаў, агульнай кампазіцыйнай структурай твораў.

Берасцейскі майстар выканаў унікальны помнік – ікону “Пакроў”, датаваную 1649 г., якая мае мемарыяльны характар, праслаўляе святога пакутніка беларускай праваслаўнай царквы Афанасія Берасцейскага. У гэтай жа залі змешчаныя творы яшчэ аднаго таленавітага невядомага майстра. Умоўна названы даследчыкамі “рухчанскім” альбо “столінскім майстрам”, гэты мастак ствараў іконы ў 1640-я гг., працаваў на Пагарынні, Століншчыне і суседніх землях украінскага Палесся і Валыні.

Заключны раздзел выставы прысвечаны творам беларускага іканапісу апошняй трэці XVII ст., адраджэнню і высокаму ўздыму беларускага іконапісання, перарванага страшэннымі падзеямі сярэдзіны стагоддзя – казацкімі войнамі, маскоўскім нашэсцем, шведскім “патопам”. Розныя напрамкі і розны ўзровень мастацкага майстэрства дэманструюць прадстаўленыя ў гэтым раздзеле комплексы абразоў.

Майстры шарашоўскага іканастаса старанна захоўваюць у апошняй чвэрці XVII ст. традыцыю, складзеную ў другой чвэрці XVII ст. у іканапісе Рэчы Паспалітай, на беларускіх і ўкраінскіх зямлях. Прадстаўленым на выставе двум ярусам шарашоўскага іканастаса адпавядаюць створаныя гэтымі ж майстрамі шарашоўскі алтарны абраз Трох Свяціцеляў і ікона “Нараджэнне Хрыстова” з Пружанаў.

Новы якасны ўзровень іканапіснага мастацтва ў спадчыне Пінска паказаны выдатнымі творамі майстра Георгіуса. Выкананыя ім абразы Збавіцеля і Маці Божай Адзігітрыі адзначаны ўласцівасцямі партрэтнага жывапісу, найвышэйшым жывапісным узроўнем, віртуознасцю. Постаці Хрыста і Божай Маці з Дзіцем падаюцца на яго творах “жывымі, адухоўленымі спагадай і таямнічасцю”.

У супрацьлегласць гэтаму напрамку, дзе пераважала “партрэтная” дасканаласць вобраза, – комплекс твораў, які рэканструіруе на выставе структуру іканастаса тыповай вясковай царквы Заходняга Палесся канца XVII – пачатку XVIIІ ст., характарызуе адметнасці іканапісання давыд-гарадоцка-столінскага рэгіёна, вызначаецца спрошчанасцю, лінеарнасцю жывапісу пры адначасовай манументальнай выразнасці вобраза, узведзенага да ўзроўню сакральнага знака.

Завяршэннем экспазіцыі з’яўляюцца пяць абразоў з іканастаса Успенскай царквы жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Гэтыя творы былі выкананыя ў апошняй чвэрці XVII ст. невядомым высокаадукаваным віленскім ці гданьскім майстрам. У яго творчасці апірышча на іканапісныя традыцыі ўсходнехрысціянскай царквы павязана з традыцыяй касцёльнага алтарнага жывапісу, пераасэнсаваннем вопыту вроцлаўскіх майстроў, якія працавалі ў Гданьску і яго наваколлі ў першай палове XVII стагоддзя.

Абразы жыровіцкага іканастаса, выключна важныя для гісторыі беларускага мастацтва, паступілі ў збор музея дзякуючы садзейнічанню і блаславенню экзарха Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (1935–2021). Светлай памяці гэтага вялікага прадстаяцеля беларускай царквы прысвечаная гэтая экспазіцыя.

Выстава падрыхтаваная аддзелам старажытнабеларускага мастацтва музея, куратары – Алена Карпенка і Любоў Сысоева.

Ідэя, навуковая і мастацкая канцэпцыі выставы – Юрый Піскун.

Праца выставы працягнецца да 24 ліпеня 2022 года.
Sign in to Google to save your progress. Learn more
Прозвішча, імя (нікнэйм) *
Кантактны тэлефон ((XX)-XXX-XX-XX, (аператар)) *
Калі ёсць viber на іншы нумар
Адрас электроннай пошты *
Колькасць наведнікаў
Submit
Clear form
Never submit passwords through Google Forms.
This content is neither created nor endorsed by Google. Report Abuse - Terms of Service - Privacy Policy